top of page

Пра Кангрэс

Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі - штогадовае акадэмічнае мерапрыемства, якое звычайна праводзіцца ў Коўне. Адна з найважнейшых задач Кангрэса – ўмацаванне інтэграцыі даследчыкаў і экспертаў у палітычных, сацыяльных і гуманітарных навуках. Кангрэс спрыяе лепшаму разуменню Беларусі ў акадэмічнай і грамадскай сферах у рэгіянальным і сусветным кантэксце. 

 

Кангрэс - адзінае месца ў свеце, дзе з 2011 года найбольш прадстаўнічая частка беларускіх акадэмічных і грамадскіх элітаў можа свабодна і незалежна ад уплыву беларускай і іншых дзяржаў абмяркоўваць гісторыю, палітыку, грамадства і культуру Беларусі. 

Ініцыятарамі і галоўнымі арганізатарамі Кангрэса з'яўляюцца Інстытут палітычных даследаванняў "Палітычная сфера" і Інстытут Вялікага Княства Літоўскага. У аргкамітэт у залежнасці ад сітуацыі далучаюцца розныя беларускія, літоўскія, польскія арганізацыі: Універсітэт Вітаўта Вялікага, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, Віленскі ўніверсітэт, Варшаўскі ўніверсітэт, Colegium Civitas (Варшава), газета “Наша ніва”, Мінскі дыялог, Літоўскі інстытут гісторыі і інш. Кангрэса падтрымліваюць Konrad Adenauer Stiftung, The German Marshall Fund, Літоўскае міністэрства замежных спраў і іншыя арганізацыі.

 

У кангрэсах штораз бяруць удзел да 700 навукоўцаў, журналістаў, грамадскіх дзеячаў, студэнтаў не толькі з Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, але і з іншых еўрапейскіх дзяржаў, а таксама з Паўночнай Амерыкі і іншых краін. Калі ў 2011 годзе было 200 удзельнікаў, у 2012, 2013 і 2014 гадах прыблізна 350-400, то на пазнейшых Кангрэсах - 600-700 удзельнікаў.

 

Гэта навуковае мерапрыемства, адрасаванае не толькі акадэмічнай, але і больш шырокай грамадскасці. На кангрэсах абмяркоўваюцца тэмы з розных галінаў навуковай веды: паліталогіі, сацыялогіі, гісторыі, рэлігіі, філалогіі і іншых. Праца Кангрэса уключае не толькі вузкія навуковыя секцыі, але і публічныя дыскусіі, а таксама культурныя мерапрыемствы.

bottom of page